- Я з аддзела сацзабесьпячэньня. Дасьледуем умовы пражываньня пэнсiянэраў.

У наступную хвiлiну госьць аблашчыў позiркам фэльчарку Нiну, якая прайшлася пад вокнамi i з задуменнай разважлiвасьцю прамармытаў:

- Масьнiцы... гуляюць. Могуць i абламiцца.

- Гуляюць, добры чалавек. Хату ж яшчэ мой прадзед ставiў, царства яму нябеснае, - паведамiла Матруна асiплым ад хваляваньня голасам.

Госьць спахмурнеў, прысеў на табурэт, з роспачным уздыхам прамовiў:

- Мала... мала ўвагi мы надаем пэнсiянэрам!

Матруна кiўнула на знак згоды, выцерла ражком хусткi здранцьвелыя вусны, а госьць, дастаўшы з кiшэнi блякнот, прымасьцiў яго на касьцiстым калене.

- Тэлевiзара ў вас, гляжу, няма...

- Няма, добры чалавек... Да суседкi хаджу на целевiзер. Зiмой дык кожны вечар хадзiла. Паказвалi, памятаю, гэтага... як яго... ну, прыгожы такi мужчына... у нямецкай форме...

- Шцiрлiц, можа? - незадаволена буркнуў госьць.

- А во-во... Шцiрлiц... ён самы, - усхапiлася Матруна, а госьць, зiрнуўшы на столь, прамовiў кароткае слова "люстра" i стаў пiсаць у блякноце.

- У вас сваякоў паблiзу няма? - запытаў госьць, не перарываючы пiсанiны.

- Сястра ў мяне. У Ленiнградзе жыве, - суцiшна прамовiла Матруна, спрабуючы ўцямiць - навошта чалавек пра гэта пытаецца.

- Ленiнград, на жаль, далёка, - мужчына падняўся на ногi, паправiў на галаве кепку, валюхаста пайшоў да дзьвярэй, а сьледам за iм дробна затупала цётка Матруна.

На падворку госьць хiтнуў рукой плот i, зiрнуўшы ў бок хлява, неўцямна прамармытаў: - А дзе тут у вас... гэты самы... - чалавек крутнуў у паветры абедзьвума рукамi i Матруна залыпала вачанятамi. - Ну, разумееце? - чалавек iзноў крутнуў рукамi, потым крутнуў галавой, але цётка Матруна не зразумела i чалавек, махнуўшы рукой, пашыбаваў да машыны.

Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.

- Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.



20 из 35