
- Ну, - незадаволена выдыхнуў райсабешчык.
- Дык, можа, вы б i маю хату паглядзелi? Жыць нема як... страха цячэ, заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчынiўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: Другiм разам.
Калi машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца i накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплiвую сьлiну i са злосьцю прасiпеў: - Нямецкiх падсьцiлак дасьледуюць, а на нас х... паклалi, с-сукi.
I хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелi да вушэй i ачунялае было сэрца iзноў заныла i попельна-шэрая зямля паволi паплыла пад нагамi.
Ранейшым часам паседжаньнi Бюро райкама заўсёды пачыналiся са спазненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масыўны гадзiньнiк, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як гаспадар габiнэту падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пiнжак i непракерхана прамовiў:
- Таварышы!
У дальнiм канцы стала начальнiк дарожна-будаўнiчага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам i дрыжачымi рукамi разгарнуў блякнот.
- Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабiць нiякiх запiсаў, - прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапiўшы са стала блякнот, выпусьцiў яго з рук i зашоргаў нагамi, падганяючы блякнот блiжэй да крэсла: у мiнулы панядзелак Даўбешка завёз самасвал асвальту на лецiшча генэрала Карзо, быў схоплены абэкаэсьнiкамi* i цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.
* Супрацоўнiкi АБКС - аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялiстычнай уласьнасцi i спэкуляцыяй.
- Павiнен адразу сказаць, што справа, якую мы сёньня разглядаем, знаходзiцца на кантролi абласнога камiтэта партыi, таму i стаўленьне да яе мусiць быць адпаведным.
Даўбешка iзноў заварушыўся i старшыня райвыканкаму Кабяк пастукаў алоўкам па графiну.
- У двух словах сутнасьць справы можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскi журналiст.
Такую вестку прысутныя стрэлi шоргатам ног i дружнай кашлянiнай.
Гаспадар габiнэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў i працягваў: - Што сабой уяўляе шпрынгераўскi друк i ў якiм сьвятле падаецца там зьнешняя i нутраная палiтыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. I таму наша задача сёньня - выявiць палiтычную пiльнасць i паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволi складаная, бо заходнi госьць мерыцца наведаць калгас "Шлях камунiзму" - ня самы моцны ў раёне.
