
Прамоўца пашукаў вачыма Бамбiзу - старшыню памянёнага калгасу, у гэты момант дзьверы габiнэту прачынiлiся i з проймы вытыркнулася кудлатая жаночая галава.
- Мiрон Пятровiч! - выгукнула сакратарка i прамоўца рушыў да тэлефону.
- Слухаю, Мiрон Пятровiч! - гаспадар габiнэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кiўнуў галавой. - У нас зараз партбюро па гэтым пытаньнi. Так, Мiрон Пятровiч, я iх папярэдзiў - поўная канфiдэнцыйнасьць...
- З абкаму званiлi, - патлумачыў гаспадар габiнэту, скончыўшы размову, i Кабяку iзноў давялося стукаць алоўкам па графiне, каб суняць бязладны шэпт i шоргат.
- А хто яго сюды запрашаў? - гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.
Сябры Бюро iзноў загаманiлi i цяпер ужо гаспадару габiнэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графiне, а потым па стале, дамагаючыся цiшынi.
- Таварышы, вытрымка - перш за ўсё. Пытаньнi будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Iвану Пятровiчу Газiну - супрацоўнiку абласнога ўпраўленьня Камiтэта дзяржбясьпекi. Ён i распавядзе - што за гусь ляцiць на нашыя палеткi.
Iван Пятровiч Газiн, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкi таўшчэзнага нататнiку.
- Пачну без прэамбул, - прамовiў Iван Пятровiч, мелькам зiрнуў на прысутных i ў габiнэце запанавала мёртвая цiшыня. - Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнiк крайне правай, бульварнай газэткi "Бiльд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цiкавiць пытаньне: "Навошта ён едзе i чаму менавiта ў вёску Бычкi?" Паводле афiцыйнай вэрсii гэты вiзытэр, нiбыта, хоча наведаць мясьцiны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах.
