- Дзе Таўпiла? - запытаўся, нарэшце, няпрошаны госьць, паставiўшы ў кут сваю пукалку.

Таўпiла жыў у хаце насупраць. Надоечы яго прызначылi старастам i Соня, зыркнуўшы ў кут, дрогкiм голасам прамовiла:

- Сын ягоны ў Чырвонай Армii.

- Ведаем, - буркнуў госьць, таргануў галавою, патрабуючы адказу на сваё пытаньне, а пачуўшы, што немцы пагналi Таўпiлу пiлаваць дровы, неяк адразу змарнеў, папрасiў пяток бульбiн i пайшоў з хаты.

Праз тыдзень мужчына завiтаў iзноў. I не адзiн, а зь Мiцькам Дзенiсенкам акружэнцам, якi два гады жыў прымаком у суседняй вёсцы, а ўлетку 43-га, прыхапiўшы з сабой цэлы воз майна, падаўся ў Гатаўскi лес. Гэтым разам госьця як падмянiлi. Падлабуньваючыся да Мiцькi Дзенiсенкi - свайго камандзiра - ён загадаў сабраць вячэру, падраў на бiнты дзьве прасьцiны, прырэзаў штыхом ярку - апошняе, што было ў гаспадарцы, i пры гэтым шторазу пытаўся: "Дзе сястра?". Потым госьцi пiлi самагонку, якую выгнаў Таўпiла, а Соня той парой сядзела бяз духу ў адрыне: хавалася ад партызанскага камандзiра, якi чапляўся да яе, яшчэ як жыў у прымах.

- Захварэла, цi што?! - працяў паветра натужны голас i Матруна ачулася.

Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.

- А мы пагналi ўжо, ды бачу - Зьвяздохi няма. Пайшла вось напярэймы. Думала, захварэла...

- Праспала, - з уздыхам прамовiла Матруна i Карпачыха, вомiгам зразумеўшы, што да чаго, даверлiва-суцiшным голасам засакатала: - Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кiна да Траяна ў сад лазiлi, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлi... Глядзi, зьвядзе твайго мальца... Заўчора iду, гляджу, сядзiць на бярвеньнi, лыткамi сьвецiць i з пiпiроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда... - выдала Карпачыха i тут жа кiнулася, тупаючы вялiзнымi кiрзачамi, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.



4 из 35