- Цi з Казiкам пасьвiш? - крыкнула Матруна наўздагон i сяброўка, ужо з ладнай адлегласьцi, пракрычала: - Анягож... зь iм, западэнцам праклятым... Учора Мар'i ячмень малацiлi, дык толькi ранiцой i прытоўкся... з мокрымi штанамi. Цi то ўжо ў лужыне спаў, цi то абасцаўся... халера яго знае.

Звон у вушах не даваў пакою i пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалi бiць званы - маркотна, глуха, цьмяна - i страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за парканьне, Матруна дапяла да весьнiц, пастаяла крыху, зьбiраючы сiлы, а адчуўшы, што сiлаў не прыбывае, бязвольна апусьцiлася на мяккую, перакапаную курамi зямлю. "Ад недасыпу", - падумала Матруна, падпаўзла да лаўкi i, паглядзеўшы - цi ня бачыць яе Канавальчык, прытулiла да лаўкi сьсiвелую скронь.

Звон паволi ацiх, душа i цела зрабiлiся лёгкiмi, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроiва гадоў i апусьцiла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. "Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе", - прагучаў над вухам таўпiлавы голас i штосьцi халоднае кранулася вуснаў. "Выпей, адразу палягчэе". Зубы стукнулi аб край конаўкi i разам з халоднай вадой грудзi напоўнiлiся гнятлiвай тугою: ёй да млосьцi, да сардэчнага болю закарцела кiнуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпiла схапiў за руку, правёў шурпатай даланёй па валасах, здушана прамовiў: "Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у iхных аўчарак ад самасаду нюх зусiм губляецца..." Голас таўпiлавы гучаў глуха, усё адно як з-пад зямлi, потым зусiм ачах i Матруна разьмежыла павекi. Малады цыбаты певень нетаропка хадзiў каля лаўкi, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купалiся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямi, а кот Базыль, якi й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кiпцюрамi камель старой лiпы. "Авохцi мне... я ж малако не працадзiла!" - падхапiлася Матруна i хаця ляжаць давялося кароткую хвiлю, званы больш ня бiлi ўвушшу i гарачыя голкi не калолi грудзiну.



5 из 35