
Была раная ранiца, калi знадворку зарыпелi калёсы i пракурана закашляў стары Таўпiла. На ўскрайку вёскi, за могiлкамi, немцы зрабiлi лесасеку i сусед шторанку вазiў у Вазярышча бярозавыя пацурбалкi. Праяжджаючы мiма, ён кожнага разу кiдаў некалькi цурбакоў у прыдарожную крапiву i ехаў далей. Цяпер жа Таўпiла спынiў каня i цяжка затупаў пад вокнамi.
- Вось, дзеўкi, немцы выдалi за працу, - прамовiў стары, убiўшыся ў хату i паклаўшы на стол акраец бохана. - Калi паварушыцеся, будзеце есьцi хлеба ўдосыць.
Сусед сьцярожка ляпнуў па кiшэнi, пасля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду i зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такiх расло процьма ў навакольлi i вяскоўцы лiчылi iх паганкамi.
- Кухар нямецкi на чыгуначнай станцыi за кош маладых паганак поўбоханы дае. Так што хапайце кашы i бяжыце ў поле, зьбiраць гэтыя самыя шампiньзе, цi як iх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!
...Яны iшлi па полi i сястра, якая iшла першай, нечакана войкнула i заскакала, схапiўшыся за пятку: пад яе нагамi, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгiнаўся калючы дрот. Соня выцiснула з пяткi кроплю чорнай крывi, перакрывiлася ад болю i тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкi. Зьбiралi грыбы да самага вечара - Соня скакала па полi, прыпадаючы на правую ногу, - а як прысьпела пара iсьцi да дому, села на купiну i са стогнам прамовiла:
- Не магу ступiць... пятка апухла.
Спачатку Соня скакала поруч, абапiраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьцiскала рукамi ейную шыю, здушана плакала i гарачыя Соньчыны сьлязiны казытлiва падалi за каршэнь.
