
- Нельга... - сумна шапнула яна.
- Што ж... Гэта нiчога. Калi так, застанецца ў Варшаве. Я буду наведваць яго, а пакуль што - няхай паляжыць, адпачыне... Калi ж кровацёк паўторыцца...
- Дык што, пане доктар? - спыталася, палатнеючы, жонка.
- Анiчога. Муж адпачыне, а там зарубцуецца...
- Гэта... у носе? - спыталася яна, склаўшы перад доктарам рукi.
- У носе... разумеецца! Супакойцеся, калi ласка, а на ўсё iншае - божая воля. Добрай ночы!
Словы доктара так супакоiлi жанчыну, што пасля некалькiх гадзiн трывогi ёй стала весела.
- I нiчога тут такога значнага! - сказала яна, цi то са смехам, цi то з прыплачам.
Укленчыла каля ложка хворага i пачала цалаваць яго рукi.
- Нiчога значнага! - паўтарыў ён цiха i ўсмiхнуўся. - На вайне з чалавека не столькi крывi выплывае, а потым ён усё-такi здароў!..
- Ты толькi нiчога не гавары, - папрасiла яна.
На дварэ пачало свiтаць. Улетку, як вядома, ночы вельмi кароткiя.
Хвароба цягнулася значна даўжэй, чым яны спадзявалiся. Муж ужо не хадзiў у кантору, ды з гэтым лiшняга клопату не было, бо ён працаваў пазаштатна i адпачынку не трэба было браць, а вярнуцца на працу ён мог, калi спадабаецца, абы толькi месца было. Седзячы дома, ён адчуваў сябе лепш, i таму яна знайшла яшчэ некалькi ўрокаў на тыдзень, што дало ёй магчымасць сяк-так спраўляцца з выдаткамi.
У горад яна звычайна выходзiла ў восем гадзiн. Каля першай гадзiны на колькi вярталася дахаты, каб зварыць мужу абед на прымусе, а потым зноў выбягала на нейкi час.
Затое вечары яны праводзiлi разам. I яна, каб сядзець не так сабе, брала трохi больш шытва.
Неяк у канцы жнiўня жанчына спаткалася з доктарам на вулiцы. Доўга хадзiлi разам. Нарэшце яна схапiла доктара за руку i ўмольным голасам папрасiла:
- Але ж усё-такi заходзьце да нас. Можа, бог дасць!.. Кожны ваш вiзiт так яго супакойвае...
