Яна паклала свае прычындалы ў белую сумку, якую ён купiў ёй у Бардзiгера, на гранiцы, калi яны былi шчаслiвыя, паўтараючы адно аднаму, што яны ў Iталii, i iх забаўлялi каўбасы i сыры ў форме каўбас, пляшкi з к'янцi, падвешаныя за горла i аплеценыя саломай. Яна знайшла дзве паштоўкi, якiя яны купiлi ў Пiзе, на Кампа Санта, пасля таго як з захапленнем любавалiся падаючай вежай. Яны сталi разглядаць iх разам. На паштоўках быў намаляваны д'ябал, рагаты, прышчавы, закаваны ў жалеза. Сваiмi рукамi ён, як спрут, абвiваў мноства голых цел нявольнiкаў, якiя поўзалi на карачках, паказваючы зад. Верхам на iх сядзелi меншыя дэманы i гналi iх праз пакуты.

- Фантастыка, - сказала Лора.

- А, - сказаў Арман, - гэта не супадае з тым, што ўсе думаюць пра Iталiю як пра шчаслiвую краiну... Я ўпэўнены, што тут людзi не могуць сур'ёзна верыць у д'ябла.

Ён абняў яе.

- Я кахаю цябе, - сказаў ён.

- Праўда? Ты кахаеш мяне? Ты ўпэўнены?

- Але, - сказаў ён, - я кахаю цябе.

- Не, любы, - сказала яна. - Я не люблю гэтага святла.

- Тады пойдзем пагуляем, павячэраем, - сказаў ён.

Спачатку яны пайшлi выпiць гаркаватага аперытыву на тэрасе кавярнi на вулiцы Вiторыа Венета. Гэта была летняя кавярня, якiя бываюць на беразе мора. Яе белы, зялёны i блакiтны колеры вылучалiся на цёмна-чырвоным фоне будынкаў. Арман праводзiў вачыма маладых жанчын, што праходзiлi мiма. Амаль усе яны былi прыгожыя, большасць загарэлыя, аднак некаторыя былi i вельмi бледныя, амаль белыя, захаваўшы сваю белiзну ў ценю кватэр, дзе сцены былi з ружовага мармуру. У iх былi вельмi высокiя грудзi.

- А жанчыны тут прыгожыя...

- Не ведаю, неяк не задумвалася...

- Праўда, - сказаў Арман, - гэта бясспрэчна. Яны частка пейзажу. Яны створаны якраз для гэтых вулiц...

Лора неяк няўпэўнена ўсмiхнулася.

- А я, - сказала яна, - я не створана для гэтай краiны?

Арман пяшчотна абхапiў яе за плечы.



4 из 14