- Ты? - сказаў ён. - Я кахаю цябе...

Ён заўважыў, што на левай ноздры ў яе ўскочыў прышч, i яго раптам ахапiла пачуццё абавязку, якое немагчыма было растлумачыць.

Яны купiлi ў кiёску кухарскую кнiгу за дзвесце лiр, багата iлюстраваную, бо Лора вырашыла, што, калi яны вернуцца i ўсталююцца, яна дзеля забавы будзе гатаваць iм простыя iталiйскiя стравы, хоць асаблiвай ахвоты гатаваць яна не мела. Як казала яна сама, гаспадыня з яе была даволi кепская.

"Якое гэта мае значэнне? - сказаў Арман. - Я кахаю цябе".

Яны знайшлi аўтобусную станцыю, з якой хадзiлi аўтобусы да Альбiнскiх гор, i хацелi паехаць павячэраць на беразе возера Нэмi, дзе ў старажытнасцi адбывалiся марскiя баi гладыятараў. Лора шмат пра гэта ведала, але было надта позна, i не было ўпэўненасцi, што яны паспеюць на аўтобус, каб вярнуцца.

Урэшце паехалi на таксi ў Трастэвэрэ.

Яны ўспамiналi, якую ролю адыгрываў гэты квартал, калi там жыў няўрымслiвы плебс. Менавiта тут выспявалi змовы. Адсюль выляталi, размахваючы мячамi i паходнямi, раз'юшаныя натоўпы i кiдалiся на штурм замка Святога Анёла*.

* Рымская цытадэль, адна з папскiх рэзiдэнцый.

Апусцiлася ноч, да таго ж месячная.

Яны вячэралi ва ўнутраным двары, абсаджаным невысокiмi апельсiнавымi дрэвамi, праз лiсце якiх прабiвалася святло чырвоных лямпачак. Яны былi ў захапленнi ад белiзны абрусаў i хлеба.

Музыкант, граючы на акардэоне, хадзiў ад стала да стала i спяваў песнi, падобныя да андалузскiх. Лора сказала, што, напэўна, гэта спадчына гiшпанскага панавання, спадчына Борджыа*. Яны сталi гаварыць пра iталiйскае Адраджэнне, яго нястрымныя страсцi, прагу да бурлiвага, шалёнага жыцця ў гэтых людзей, якiя былi не выкладчыкамi калежаў, а мастакамi, палiтыкамi, салдатамi адначасова.

* Славуты iталiйскi род гiшпанскага паходжання.

- Якая адвага! Якi вiхор! - сказаў Арман. - I, разам з тым, заўваж, калi ўзяць жыццё хаця б таго ж Макiявелi, то яно было сумнае i не ўдалося. Зрэшты, што такое Макiявелi? Бацька шматлiкай сям'i, у жыццi якога не было нiчога, акрамя прыкрасцi, намеснiк загадчыка канцылярыi мунiцыпалiтэта Фларэнцыi, якi ледзь зводзiў канцы з канцамi.



5 из 14