Мы крыўдзiлiся i лiчылi абразай, калi нашага друга забывалi запрасiць на якi-небудзь афiцыйны прыём "прадстаўнiкоў лiтаратуры i мастацтва". Дарэчы, такога здарэння не было нiколi. Часам, калi выпадкова мы даведвалiся, што вялiкi мастак жыве ў галечы, забыты дзяржавай i народам, у нас на момант узнiкала пытанне: як растлумачыць парадаксальны поспех Шалона? "Можа, гэта i несправядлiва, - думалi мы, - але нiчога не зробiш. Так было заўсёды. А потым у таго бедняка ёсць талент, а гэта таксама багацце".

Аднаго разу ранiцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцiвага юнака, якi раскладваў старыя часопiсы. Шалон адрэкамендаваў яго: "Мой сакратар". Гэта быў тоненькi зграбны хлопец, выпускнiк бiблiятэчнага iнстытута.

Праз некалькi дзён Шалон прызнаўся нам, што плацiць яму трыста франкаў у месяц, i гэта немалы выдатак. "Але, - дадаў ён з пакорнасцю, - цяжка такiм людзям, як мы, абыходзiцца без сакратара".

* * *

Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер - лётчыкам у Салонiках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату i заняў пост памочнiка мiнiстра. Шалон, пабыўшы салдатам пры iнтэнданцтве, быў адклiканы аддзелам прапаганды i закончыў вайну ў Парыжы на вулiцы Францыска Першага. Пасля дэмабiлiзацыi ён зрабiў мне i Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцiлi кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых i магутных сяброў.

Бельтара быў узнагароджаны баявым ордэнам, Фабер таксама, яшчэ раней. Ламбер-Леклерк дабiўся ад свайго калегi з ведамства мастацтваў, каб мяне ўключылi ў першыя пасля перамiр'я цывiльныя спiскi ўзнагароджаных. У мой гонар "Саюз пяцi" наладзiў цудоўны абед у рэстаране расейскiх эмiгрантаў - iкра, асятрына, "водка". Музыканты ў шаўковых кафтанах выконвалi цыганскiя песнi. Нам здалося (не iначай, як пад уплывам сумных мелодый), што ў той вечар Шалон крыху зажурыўся.

Я вяртаўся назад разам з Фаберам, якi жыў непадалёку ад мяне. Была прыгожая зiмовая ноч. Праходзячы праз Елiсейскiя Палi, мы ўспамiналi Шалона.



10 из 23