I зусiм не таму, што яму цяжка было дабiцца, каб яго друкавалi. Ён быў знаёмы i нават сябраваў з лепшымi выдаўцамi, з адказнымi рэдактарамi часопiсаў. I не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю i свядома хацеў заставацца толькi гледачом. Наадварот, у iм развiвалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скiраваных у адно: нядбайства i бесклапотнасць, няўстойлiвасць iнтарэсаў, слабасць волi. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, i гэта "беднасць" прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй i шырока расплюшчанымi вачамi глядзець на жыццё. Шалон вельмi ўтульна ўладкаваўся ў жыццi i быў iм цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.

Пiсьменнiкi называлi нашага друга "дарагi калега" i дарылi яму кнiгi з аўтографам. Па меры таго як мы падымалiся па ступенях iерархiчнай лесвiцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязi разлiчана пры ўсiм паказным лiбералiзме, Шалон прасоўваўся гэтак жа i без вагання далучаўся да гонару, якi прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды старалiся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, i не ўпэўнены, што яго далi па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сiр.

Каля нас пачалi круцiцца маладыя людзi ў пошуках падтрымкi. Шалона, якi жыў памiж нас як роўны, яны называлi "дарагi мэтр". Разумныя былi хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, i распытвалi: "А што ён такое напiсаў? Цi чытаў яго хто?" Часам якi-небудзь няспрытны падлiза расхвальваў перад iм "Блакiтнага мядзведзя" альбо "Караля Калiбана". "Прабачце, - са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускiнуўшы галаву, - гэта сапраўды добрая рэч, але не мая". Аднак з усяго нашага "Саюза пяцi" ён адзiн ахвотна браў чытаць рукапiсы i даваў парады, ад якiх, вядома, не было нiякай карысцi, але заўсёды разумныя i блiскучыя.

Гэта дармавая слава расла так паступова, так натуральна, што мы анi не дзiвiлiся.



9 из 23