
Спачатку на яе хварэў Анатолеў цесць, адзiны нашчадак рэспублiканскага дзеяча. Цесць, высокi, барадаты, iнтэлiгентнага выгляду - нiколi не скажаш, што хворы, - аднаго разу перапiў армянскага каньяку, узяў стрэльбу i высунуўся ў акно, каб страляць па "ворагах народа". Дзякуй Богу, "ворагаў" на вулiцы не было, бо на вулiцы наогул нiкога не было, была ноч. Цешча выклiкала брыгаду ў белых халатах, i стралка павезлi на адпачынак у кашулi з двухметровымi рукавамi. Сам дзеяч культуры на шызафрэнiю не хварэў, ён у вольны ад працы час пiсаў скалазубныя камедыi на злабадзённыя тэмы i друкаваў iх пад раслiнным псеўданiмам. А на асноўнай працы ён упарта i паслядоўна наблiжаў беларускую мову да вялiкай братняй расейскай мовы. Дзiўна, але койданаўскага графа Альто знакамiты дзеяч рэспублiканскай культуры палюбiў. Але Альто не апраўдаў шчырага даверу, бо быў няздатны браць удзел у мовазнаўчых, а тым больш у палiтычных, гульнях. Наш койданаўскi граф адразу стаў, калi можна так сказаць, графам заняпаду, ён захварэў на манiю падазронасцi. Альто шукаў па начах, хаваючыся ад жонкi i цешчы, шукаў i не знаходзiў апаратуру для падслухоўвання. А як ты знойдзеш тую апаратуру ў прыбiральнi, за ўнiтазам? Нарэшце Альто скемiў, што мiкрафон з магнiтафонам не ў прыбiральнi, а на кухнi ў вентыляцыйным люку, над плiтой. Граф зрабiў дыктавую заслонку i забiў вентыляцыйны люк. У Койданаве спачувалi Толiкавай мацi i шкадавалi Толю Жыдовiча, добрага хлопца, якi так няўдала стаў графам. Як вядома, за ўсё, што набываеш, трэба плацiць. Хто ж ведаў, што за графскi тытул Анатоль Жыдовiч заплацiць розумам, што за тое, каб мець графа, наша Койданава вымушана будзе трываць вар'ята? О, каб жа ведаць наперад!
Мне снiцца Койданава...
А чаму яно снiцца мне? Шукаю адказ i не знаходжу. Прыйдзе час, i я знайду яго, а пакуль думаю, што мне снiцца Койданава, бо я там нарадзiўся i рос, пакуль не пайшоў у школу. У школе... Але гэта iншы матыў, iншая песня. Школа мне не снiцца. Снiцца Койданава, зямля, дзе закапалi мой пуп.