А пакуль я далёка ад свайго мястэчка Койданава, i яно мне снiцца.

На нашай вулiцы запланавалi пакласцi асфальт. Машыны панавозiлi пяску i глiны. Мы з Антосем Кiсялём, хаваючыся за пясчанымi гурбамi, бiлiся глiнянымi глыжамi i грОдамi. Я ляжаў на пяску i слухаў, калi Толiк кiне груду, каб адразу ўскочыць i кiнуць па iм. Ляжаў я доўга, пакуль не пачуў голас Кiсяля:

- Валодзя...

Я падумаў, што гульня скончылася, i высунуўся з-за гурбы. Вялiзная груда ўдарыла мяне па галаве. Да памяцi я вярнуўся ад халоднай вады, якую Антось Кiсель лiў на мяне.

- Я ж табе крычаў, Валодзя, не вылазь, Валодзя, не вылазь, а ты ўзяў i вылез...

Мне снiцца Койданава.

КОЙДАНАЎЦЫ

Аповесць у навелах

Казiк

Казiк вярнуўся з працы зусiм хворы. У яго падскочыла тэмпература, а жывот пакрыўся гiдкiмi плямiнкамi зудлiвае высыпкi.

У хаце занепакоiлiся. Пайшоў з дому здаровы чалавек, а вярнуўся ледзь жывы. I Казiкава жонка Ядзя, i ягоная мацi Маня, i нават дачка, школьнiца Валя, без перапынку пыталiся: "Што з iм?". Казiмiр ляжаў, выпрастаўшыся, на канапе, i ледзь чутна адказваў. Жанчыны даведалiся, што iх муж, сын i бацька нiчога кепскага не еў i не пiў, што на працы пачуваўся добра, што пасля зайшоў у краму па папяросы, па дарозе з крамы адчуў нямогласць, галава пачала круцiцца, у вачах заскакалi зорачкi. Як дайшоў да ўласнага падворка, не помнiць. Жанчыны пакiнулi хворага ў зале, перайшлi ў варэльню, каб абмеркаваць бяду дый пачаць нешта рабiць, бо ад лекара Казiк адмовiўся. Яму не верылася, што ў трыццаць пяць гадоў чалавек можа без дай прычыны сканаць.

Казiкаў сын Антось сядзеў на крэсле каля канапы ды спалохана зiркаў на змярцвелы вастраносы бацькаў твар, што нядобра цямнеў на белай падушцы.

- Тата, а вы не памраце, як дзед Ваця? - Антось спытаў шэптам.



11 из 62