
Снiцца Койданава.
Быў у Койданаве граф, праўда, такi ён граф, як усе астатнiя хлопцы i дзяўчаты былi баронамi i баранесамi, але якi быў, такi быў. Звалi яго - граф Альто. Называць сябе графам ён пачаў яшчэ са школы. Альто расказваў сваiм сябрам па вялiкiм сакрэце, што ён зусiм i не Анатоль Жыдовiч, а граф, i сапраўднае яго прозвiшча - Альто, i што на гарышчы ў старым куфры ён знайшоў паперы, у якiх ясна напiсана, што i бацька яго, i дзед, i прадзед - графы Альто. Папер тых сябры не бачылi, але мянушка ўсё ж прыляпiлася да Анатоля, i ў Койданаве з'явiўся свой граф. Зразумела, каб быць сапраўдным графам, мянушкi мала, патрэбен капiтал. Граф Альто разумеў гэтую простую iсцiну i зрабiў усё, каб мець грошы да свайго самапальнага тытула. Альто скончыў сталiчную вышэйшую навучальную ўстанову i да абароны дыплома звадзiў у загс унучку рэспублiканскага дзеяча культуры. Графа Альто не спынiў нават той факт, што ягоная будучая цешча за месяц да вяселля наведала койданаўскую палiклiнiку i за невялiкi хабар (багатыя вялiкi хабар не даюць) праверыла, цi няма ў будучага зяця якой шызафрэнii цi залечаных пранцаў з менiнгiтам. Нi менiнгiту, нi пранцоў цешча не знайшла. Акрамя хрэстаматыйнай свiнкi "дзюдзi", нiякiя хваробы ў Анатолевым целе не вялiся.
Цешча засталася задаволеная сваiм тайным наведваннем правiнцыйнай палiклiнiкi, пра якое гаварыла ўсё Койданава. Граф Альто пераехаў у Менск i зажыў новым, хай сабе i не вельмi вольным, затое сытым жыццём. У Койданава граф прыязджаў летам, калi ехаў дамоў, як на дачу, каб паесцi любiмых ананасавых яблыкаў. Першыя колькi гадоў усё было цiха i спакойна, але, як высветлiлася, цешча хвалявалася недарма, бо шызафрэнiя, абавязковая графская хвароба (хто не ведае, як выдурвалiся ранейшыя графы?!), прыйшла i да Альто.
