
Дзяцей Волесю i Стэфе Бог не даў. Можа, праз гэта Волесь i распусцiўся ды пачаў пiць. Спачатку ён напiваўся, як i ўсе, па вялiкiх святах, але ўжо да непрытомнасцi, да поўнага забыцця. I Стэфа цягнула мужа, калi такое здаралася ў гасцях, на сабе. Здымала з яго акуляры дый вяла пад руку, а то i на плечы ўскiдвала, каб хутчэй, каб людзi не бачылi. Але ў Койданаве не схаваешся. Не паспееш у адным канцы паветра сапсаваць, а ў другiм ужо гавораць, што ты ў порткi наклаў. За кожным вялiкiм святам стаiць цвярозы будзень, але для Волеся ён пачынаўся пахмелкаю. Волесь не мог жыць, калi пасля гулянкi наранiцу не выпiваў грамаў са сто гарэлкi цi шклянку моцнага вiна. I, як слушна зазначыў ягоны сусед Iван, няправiльная тэхнiка апахмелу прыводзiла Волеся да доўгатэрмiновых запояў.
Пра Волесева п'янства Стэфанiя Радзевiч раскажа на судзе:
- Пiў мой Волесь! Апошнiя тры гады дзень у дзень "пад газам" прыходзiў, але не буянiў, не бiўся, як iншыя. Бурчэць бурчэў, лаяўся, гаварыў абы-што, але не бiўся. I дзе ж ён да мяне бiцца палезе? Гляньце на мяне. Ды баязлiвы ён! Ад п'янага, кажуць, i чорт уцякае, а я - цярпела, спадзявалася... I прасiла, i ўгаворвала, i плакала, i палохала, што ў лякарню да вар'ятаў пасаджу, а ён усё роўна кожны вечар п'яны ў хату ўвальваўся. Гультаю штодня свята, а п'янаму - тым больш. Прыйдзе, сядзе каля тэлевiзара i глядзiць праз свае лупатыя акуляры, пакуль не засне. Што ён на тым экране мог бачыць? Хай бы ён i ў той вечар, калi я капусту крышыла, лепей свой тэлевiзар уключыў...
Стэфа перакрышыла якраз палову мяшка i была ў самай рабоце, калi ў хату ўсунуўся п'яны Волесь.
- Iзноў набраўся, - Стэфа развалiла напалам вялiкi, белаваты качан.
- Ай не дундзi. Вось, - Волесь сеў на зэдлiк i ўтаропiўся на спрытныя жаночыя рукi.
У хаце вiсеў густы свежа-халаднаваты пах капуснага соку.
- Што ты мне пад руку гаворыш? Ты ж ведаеш, не люблю, калi на мяне глядзяць. Я ж магу i палец сабе адрэзаць. Iдзi спi.
