
- Ай не дундзi. Вось, - ён заплюшчыў вочы i падцягнуў ногi ў брудных ботах пад зэдлiк.
- Ты пагавары мне яшчэ тут, пагавары... Хоць бы боты скiнуў, а то гразi поўную хату навалок. Я тут мыю, прыбiраю, а яму ўжо i боты зняць цяжка. Iдзi кладзiся. Чуеш? Я табе кажу, слепень у акулярах, - яна ссыпала нарэзанае ў сiнюю выварку. - Iдзi спаць.
Волесь не азваўся, сядзеў, заплюшчыўшы вочы, на зэдлiку i трымаўся за яго абедзвюма рукамi, каб не павалiцца.
Стэфа з трэскам рассекла яшчэ адну капусную галаву, павярнулася да мужа i ткнула яму ў грудзi нажом.
- Iдзi спаць. Апошнi раз табе кажу. Што ты тут рассеўся, як у гасцях?
Волесь расплюшчыў вочы, заморгаў i спытаў:
- Нашто ты мяне зарэзала?
- Спаць iдзi, п'яны дурань. Зарэзала яго, га-га-га...
Жаночы басавiты смех мяшаўся з густым капусным духам, а муж ужо сунуўся з зэдлiка на падлогу. Стэфа дарэзала качан i толькi потым зiрнула на Волеся, якi знерухомеў на падлозе.
- Уставай! Чуеш, каму кажу?
Мужаў твар увобмiльг збялеў. Жонка абтрасла з пальцаў паналiпалае крышыва i нахiлiлася над Волесем...
На судзе Стэфанiя Радзевiч далей пакажа так:
- А я ж i думаць не думала, што мой Волеська нежывы. Ляжыць, бачу, на падлозе i храпе, маю на ўвазе, спiць. Ён не хроп. Вось, думаю, насмактаўся атруты, што i да ложка не дайшоў. Паклала нож на стол. Рукi фартухом выцерла. Нахiлiлася i кажу: "Уставай! Гад ты печаны. Падымайся i боты брудныя сам скiдай!" А ён ляжыць, не варушыцца, мой Волеська. Я кашулю на iм расшпiлiла, падумала ж, можа, i запраўду нажом крышку падрапала. Бачу: грудзi белыя, чыстыя, нiякай крывi нiдзе нi кропелькi. Адкуль жа я пра тое нутраное кровацячэнне ведаць магла?! "Ляжы, - кажу, - спi на падлозе, калi ты так накаўтаўся, што нi боты, нi акуляры зняць не можаш!" А сама ўзяла качан i шаткую.
А калi дзве поўныя вываркi, сiняя i зялёная, стаялi накрытыя ручнiкамi, а ў кухнi быў наведзены парадак, Стэфа паспрабавала падняць мужа. Той быў халодны i цяжкi. Стэфа прыклала сваё гарачае вуха да мужавых грудзей i, не пачуўшы сэрца, жудасна, па-воўчы завыла.
