У турме Стэфанiя Радзевiч прасядзела тры гады. Вярнуўшыся ў Койданава, яна прадала дом, паставiла Волесю помнiк з мармуровай крошкi i ўцякла. Казалi, што яна пасялiлася недзе на Ўкраiне, пад Львовам. Краму, дзе яна працавала, i дагэтуль называюць Стэфчынай. А Волесева магiла сама сабою зарасла белым бэзам.

Чэсь

Чэсь стаяў пад райскай яблыняю з граблямi ў руках i сачыў, як я маляваў сякеру, усаджаную ў бярозавую калоду. Я збiраўся паступiць у мастацкую вучэльню i хадзiў рыхтавацца да Чэсевага сына Толiка. Навука была простая: Толiк браў i ставiў перада мною нейкую рэч, напрыклад сякеру, даваў аркуш i сыходзiў. Ну, а я сядзеў пад яблыняю дый пацiху крэмзаў.

Дзядзька Чэсь стаяў басанож на невысокай мяккай траве. I мне было добра вiдаць, што на адной назе ў яго не хапае вялiкага пальца. Я старанна вымалёўваў старое тапарышча i раптоўна адчуў, што iснуе невытлумачальная сувязь памiж сякерай i адсутнасцю пальца. Рука з алоўкам спынiлася, я глянуў на Чэсеў загарэлы твар, i мой позiрк сустрэўся з цёмна-блакiтнымi вачыма.

- Гладка малюеш, як мой Толiк, - Чэсь гаварыў сур'ёзна. Ён любiў свайго сына, i таму параўнанне набывала кошт самай высокай адзнакi.

- А чаму ў вас аднаго пальца няма? - я нават сам здзiвiўся нясцiпласцi, але пытанне прагучала.

- У партызанах згубiў.

Партызанаў у Койданаве не любiлi. А мае сваякi дык асаблiва. А за што iх было любiць? За тое, што адзiн п'яны распуста застрэлiў у вёсцы Рудзiца, пад Койданавам, другога нецвярозага дурня? Толькi першы быў партызанам, а другi служыў у палiцыi, таму немцы i спалiлi вёску ды забiлi дзевяць мужчын. Майго прадзеда, а Чэсевага бацьку, спалiлi жыўцом.

Мае сваякi, хто ў лесе перахаваўся, перабралiся ў Койданава, на апусцелыя жыдоўскiя вулiцы.



23 из 62