Камянi... Камянi... Каменныя далонi на плiтах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камянi ў зямлю. Танкарогiя белыя козы пасвяцца на койданаўскiх жыдоўскiх могiлках. Хiтрыя гаспадары крадуць камянi i робяць з iх падмуркi сваiх дамкоў, але так робяць прыезджыя i прыблудныя, бо не зможа койданаўскi чалавек жыць у доме, якi стаiць на жыдоўскiх помнiках. Iншая справа, калi будавалi бальнiцу i бурылi рэшткi замка на Кальвiнскай гары, там людзi бралi i валуны на падмуркi, i цэглу. Але замак гэта замак, а могiлкi - гэта зусiм iншае. На Кальвiнскай гары таксама пасвяцца козы.

Непадалёк ад Кальвiнскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве Валя. Колькi было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевiча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, i невядома, цi знойдзеш. Але лёс i ў Валi, i ў Ярака быў зусiм iншы, нiводная здагадка не спраўдзiлася. Прыгожая Валя ўтапiлася ў возеры. На вяселлi яна была за шаферку i са сваiмi двума братамi пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П'яныя браты палезлi ў крынiчную ваду, i аднаму з братоў ногi скруцiла сутарга, ён пачаў тануць i хапацца за другога брата. Валя кiнулася ратаваць. Той, якога скруцiла сутарга, адпусцiў брата i ўчапiўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў i пабег на вяселле клiкаць на помач. Так ён i прыбег на двор, дзе грымела музыка i танчыў п'яны вясёлы народ, так ён i стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калi вясельнiкi з вылупленымi вачыма стаялi на беразе i цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалi, дык бачылi толькi малодшага з братоў, якi ляжаў на беразе i быў без прытомнасцi. Мужчыны палезлi ў ваду шукаць Валю i даволi хутка знайшлi яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былi марныя. Казалi, каб быў лекар цi каб на колькi хвiлiн Валю знайшлi раней, цi каб...



6 из 62