Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынiчнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалi Валю ў белым строi нявесты, i ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлi труну, iшло столькi народу, колькi не iшло нi за адной iншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валiна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб'ехала вакол сквера. На Валiным помнiку браты напiсалi: "Трагiчна загiнула". Так i не пашанцавала нiводнаму з койданаўскiх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.

А што да Ярака Ясюкевiча, дык ён страцiў сваю прыгажосць недарэчна i нечакана для ўсiх. Варыў ён бiтум у жалезнай бочцы. Бiтум закiпеў i плюхнуў Яраку на галаву, калi той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалi, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было нiякай падставы. Пасля бальнiцы Ярак пачаў пiць i хутка ператварыўся ў шэрую iстоту, якiя таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканнi з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевiча шкадавалi, а потым няўзнак пачалi абыходзiць. Вось такi лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку i Валi прыгажосць, а потым з д'ябальскай жорсткасцю забраў яе.

Мне снiцца... Цi, хутчэй, мною снiцца Койданава.

А вось з кошыкам у руцэ iдзе па грыбы ўдмурт Кулемiн. Той самы Кулемiн, якi не можа жыць без грыбоў. Яго любяць дзецi з нашай вулiцы, бо Кулемiн бярэ iх з сабою ў лес. Ён, як свой гарод, ведае i Рыжаўку, i Бязоднiцу, i другiя навакольныя лясы, куды можна зайсцi пешкi, бо ровары, машыны i матацыклы Кулемiн не прызнае. Ён iдзе, як заўсёды, наперадзе, а за iм з кашамi iдуць Вiцька i Воўка Бакiноўскiя...

Цыбаты Вiцька i крываногi Воўка, яны ўдвух бiлiся са сваiм бацькам, маленькiм сухiм Стасiкам. Стась Бакiноўскi пiў, а як напiваўся, трацiў розум i хапаўся за сякеру. Воўка з Вiцькам бралi калы i баранiлi мацi. З крыкам i лямантам бегалi Бакiноўскiя па гародзе вакол сваёй хаты. Бойкi гэтыя звычайна канчалiся тым, што Стась кiдаў сякеру ў гарод, садзiўся на ганак i плакаў п'янымi слязамi, побач з iм садзiлiся на ганак Вiцька i Воўка.



7 из 62