Кулемiн iдзе басанож. Ён любiць хадзiць басанож i не любiць галiцца. Сiвая, па-татарску рэдкая шчэць блiшчыць на загарэлым твары. Толькi адзiн раз бачыў я Кулемiнаў твар скажоны крыўдаю i болем. Тады мы iшлi па грыбы ў Рыжаўку. Рыжаўка - лес з балотамi. Iшлi мы такiм балотам. Кулемiн крочыў наперадзе i наступiў на гадзюку, а тая ўкусiла яго за пяту. Кулемiн сеў на мох, дастаў з каша нож i адрэзаў кавалак пяты, за якi ўкусiла змяя. У мяне ад жаху сшэрхла скура. Кулемiн зняў кашулю, адарваў рукаво i абвязаў пяту. На выцвiлай анучы цёмнай свежасцю выступiла кроў. Вярталiся мы праз жыта. Я нiяк не мог адарваць погляд ад Кулемiнавай пяты. Быў тады з намi i Кулемiнаў Воўка, ён, як убачыў, што бацька нажом сабе кавалак мяса адрэзаў, пачаў ад страху рагатаць i рагатаў, пакуль бацька не выцяў яго папругаю, тады Воўка пачаў iкаць. Мы вярталiся ў Койданава праз жыта: Кулемiн iшоў наперадзе, я глядзеў на пяту, а Воўка iшоў за мною i iкаў.

Другi раз Воўка Кулемiн iкаў на койданаўскай плошчы каля хлебнай крамы.

Па хлеб мы ездзiлi на роварах. У цемнаватай краме пахла дрэвам i кiслай вiльгаццю. Боханы мы прывязвалi да багажнiкаў. Ездзiць па хлеб, напэўна, самы прыемны з абавязкаў койданаўскiх дзяцей. Праўда, было i такое, што каля крамы прападалi ровары, але мой i братаў, Антося Кiсяля, былi такiя дабiтыя, што нiводзiн злодзей не спакусiўся. А вось у Воўкi Кулемiна новы дарожны ровар, якi той пакiнуў каля хлебнае крамы, нехта звёў. Воўка плакаў i гаварыў: "Злаўлю - заб'ю! Злаўлю, заб'ю!" Толькi нiкога ён не злавiў i не забiў, акрамя гадзюкi, якую прыцёг з Бязоднiцы i павесiў на яблынi ў сваiм двары. А Воўкава мацi, Кулемiнава Нiнка, спалохалася, а як даведалася, што Воўка тую змяю павесiў, лупiла яго салдацкiм пасам. Воўка паса не баяўся. Ён i холаду не баяўся - хадзiў зiмою па ваду басанож i не хварэў. I не плакаў Воўка Кулемiн нiколi, толькi ў той раз, як ровар нейкая паскуда павяла. Ён тады сядзеў пасярод плошчы на пяску, i хлеб ягоны ляжаў на пяску, сядзеў Воўка i плакаў, аж пакуль iкаўка на яго не напала. Толькi як стаў ён iкаць, тады падняў хлеб i пайшоў з плошчы.



8 из 62